Ігар Вясялушка
ВЭГЭТАРЫЯНЕЦ
Вэгэтарыянец - гэта, Хто ня зьесьць ані катлеты, Ані птушкі, ні жывёлы – Ледзьве ходзіць, сумны, кволы. У каго з ільна адзеньне, Той хто есьць адно насеньне.
Я таксама трапіў быў Пад сучасны той уплыў.
Палюбіў я сьвет расьлін. І такі я не адзін! Хто ў лесе бровар мае, Той расьліны паважае. І ня чэпіць ён жывёлы Без каўбасаў ён вясёлы! Лішняга няма адзеньня, Сыравіна ўся – насеньне, Альбо бульба, ці бурак. Вэгэтарыянец, так?
(Можа я падвёў за тонка, Каб сказаць пра самагонку?)
Так, люблю я гэта зельле, Ад яго ў мазгах вясельле! Хлебную люблю, жытнёўку, Як няма - тады цукроўку. Альбо нават бурачанку, Усё адно - налью я чарку.
Самагонкі, вып'ю флянец – Хто я? В э г э т а р ы я н е ц!
У гарадзкіх жывеш умовах – Можна выпіць і жандову, Што таксама зь зерня, з бульбы (Я знайшоў яе паўсюль бы). Бульба ж, пэўне, ёсьць расьліна (Не кумпяк, і не скаціна).
Вып'ю шклянку ўрачыста – Вэгэтарыянец чыста!
І чытаў яшчэ я дзесьці: Можна жыць - зусім ня есьці. З гэтым я адразу згодны: Той, хто п’е – той не галодны. Пра яду ж ўсё – падманы. Зьеш хоць пуд – ня будзеш п'яны! Вып'еш самагонкі з жыта – І шчасьлівы ты і сыты. Сонейка на шкле "стакана" – Набліжаецца нірвана! Розум мой, як чысты ліст (Можа я яшчэ будзіст?)
12.08.2003
|
малюнак ад www.racyja.of.by (дзякуй!) |